ЛІМО́ННАЯ КІСЛАТА́,
2-гідроксі-1,2,3-прапантрыкарбонавая кіслата, (HO)OCCH2 C(OH)COOH, арганічная трохасноўная кіслата. Належыць да класа оксікіслот, малекулярная маса 192,12. Добра раствараецца ў вадзе і спірце, з воднага раствору пры т-ры ніжэй за 36,5°C крышталізуецца ў выглядзе монагідрату. Адыгрывае важную ролю ў працэсах вугляводнага абмену і дыхання клетак. У адрозненне ад жывёл шэраг раслін і мікраарганізмаў назапашваюць Л.к. ў вял. колькасці (6—8% у пладах цытрусавых, 8—14% у сцёблах махоркі, да 10% у культ. вадкасці грыбка Aspergillus niger). Асн. прамысл. спосаб атрымання Л.к. — лімоннакіслае браджэнне цукроў ці патакі з дапамогай грыбка Aspergillus niger; здабываюць таксама з пладоў лімона, лісця бавоўніку і інш. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці напіткаў, кандытарскіх вырабаў, медыцыне (для кансервавання крыві), фарбаванні, вырабе пластмас, фатаграфіі.
т. 9, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)